Журнал Белорусского государственного университета: История (Jul 2019)
Даследаванні на селішчы Яскавічы-1 у 2018 г.: да вывучэння помнікаў «перадпражскага» гарызонту на Беларускім Палессі
Abstract
Прадстаўлены вынікі вывучэння селішча каля в. Яскавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці, якое месціцца на паўночным ускрайку Прыпяцкага Палесся. Яно было адкрыта ў 2017 г. супрацоўніцай Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Г. М. Бяліцкай. У 2018 г. раскопкі на помніку былі працягнуты экспедыцыяй гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вывучана плошча 364 м2. У 2017–2018 гг. на селішчы даследаваны дзве жылыя пабудовы зрубнай і слупавой канструкцыі, адна гаспадарчая пабудова і шэраг іншых аб’ектаў. Разглядаецца асноўны масіў атрыманых матэрыялаў, які належыць да рымскага перыяду. Папярэдне гэты гарызонт выкарыстання помніка можна сінхранізаваць з фазамі B2/C1–C1a – C2–C3 цэнтральнаеўрапейскай адноснай храналогіі (прыкладна з другой паловы II або рубяжа ІІ–ІІІ па пачатак або сярэдзіну IV ст.). Аналіз керамічнага матэрыялу, найбольш распаўсюджаных прылад працы – гліняных праселак, а таксама ўпрыгожанняў і дэталей касцюма стылю «варварскіх» выемчатых эмалей дазваляе аднесці помнік да кіеўскага культурнага кола. Знаходкі з жылля і адкрытыя вакол яго матэрыялы сведчаць пра тое, што жыхары селішча спецыялізаваліся ў апрацоўцы каляровых металаў, а таксама, верагодна, у вытворчасці жалеза. Сярод металічных вырабаў і эпізадычна фрагментаў посуду адзначаюцца імпарты з вельбарскай культуры. Яны сведчаць пра сувязі абшчыны, якая выкарыстоўвала селішча ў Яскавічах, з іншакультурным і іншаэтнічным насельніцтвам – гістарычнымі готамі, якія з канца ІІ ст. пранікаюць на землі ў сярэднім цячэнні Прыпяці. Селішча Яскавічы-1, якое актыўна выкарыстоўвалася толькі ў познярымскі час (III – сярэдзіна IV ст.), у перспектыве можа стаць эталонным для цэнтральнага Палесся помнікам кіеўскага культурнага кола. Нават папярэднія вынікі яго вывучэння дазваляюць казаць пра запаўненне храналагічнай лакуны паміж палескімі помнікамі постзарубінецкага перыяду (сярэдзіна І – ІІ ст.) і найбольш раннімі, фазы «0», помнікамі пражскай культуры, носьбіты якой атаясамліваюцца са славянамі (лат. Sclaveni, Sclavi, Sclavini) эпохі Вялікага перасялення народаў. На селішчы Яскавічы-1 атрыманы новы аргумент на карысць тэорыі аб вытоках культуры раннегістарычных славян на землях Прыпяцкага Палесся.
Keywords