Acta Universitatis Lodziensis: Folia Linguistica Rossica (Jun 2019)

Беларуская лінгвістычная транстэрмінаграфія канца XX – пачатку XXI стагоддзя (на матэрыяле руска-беларускіх, беларуска-рускіх і шматмоўных слоўнікаў)

  • Дзмітрый Дзятко

DOI
https://doi.org/10.18778/1731-8025.17.02
Journal volume & issue
no. 17
pp. 13 – 28

Abstract

Read online

На працягу ХХ–ХХІ стст. беларуская лінгвістычная тэрмінаграфія развівалася ў цеснай сувязі з іншымі галінамі тэрмінаграфіі пад непасрэдным уплывам канкрэтных сацыяльна-палітычных абставін. За гэты перыяд айчыннымі мовазнаўцамі было створана больш за 70 разнастайных слоўнікаў лінгвістычных тэрмінаў: аўтаномных і інкарпараваных, агульных і аспектных, слоўнікаў-падборак і слоўнікаў-дадаткаў, перакладных, тлумачальных і тлумачальна-перакладных, алфавітных і алфавітна-гнездавых і інш. Асобныя пытанні развіцця беларускай тэрмінаграфіі абагульняюцца ў даследаваннях Л. Антанюк, Г. Гваздовіч, М. Гуліцкага, А. Жураўскага, А. Падлужнага, М. Судніка, Т. Тамашэвіча, Л. Шакуна і інш. (пераважна ў кантэксце вывучэння гісторыі беларускага мовазнаўства і тэрміназнаўства). Публікацыі А. Адамовіча і А. Каўруса, А. Крывіцкага, П. Марціноўскага, Р. Агеевай і інш. прысвечаны агляднай крытыцы слоўнікаў лінгвістычных тэрмінаў. Падрабязна і ў розных аспектах гісторыю тэрмінаграфіі, структуру найбольш аўтарытэтных слоўнікаў і іх змест даследаваў В. Шчэрбін. Аднак да нашага часу ў беларускай лінгвістыцы не сістэматызаваны ўвесь ход станаўлення мовазнаўчай тэрмінаграфіі, адсутнічаць таксама канцэптуальныя працы па метадалогіі тэрмінаграфічнай дзейнасці. Мэта гэтага даследавання – прааналізаваць стан сучаснай беларускай перакладной тэрмінаграфіі (транстэрмінаграфіі) і выявіць асноўныя трэнды ў метадалогіі тэрмінаграфічнай дзейнасці. Задачы даследавання: выявіць, якія тыпы слоўнікаў пераважаюць у беларускай перакладной тэрмінаграфіі; ахарактарызаваць тыпы мікраструктуры перакладных лінгвістычных слоўнікаў; вызначыць задачы, якія стаяць перад сучаснай беларускай транстэрмінаграфіяй. Матэрыялам для даследавання паслужылі беларускія аўтаномныя і інкарпараваныя слоўнікі, у якіх лінгвістычныя тэрміны перакладаюцца з рускай мовы на беларускую, з беларускай мовы на рускую, а таксама шматмоўныя слоўнікі лінгвістычных тэрмінаў, у якіх уваходнай або выходнымі мовамі з’яўляюцца руская і беларуская. Метады даследавання – апісальны метад сінхроннага аналізу з элементамі дыяхраніі, параўнальна-супастаўляльны метад і асобныя прыёмы кампанентнага аналізу. У працэсе даследавання абгрунтоўваецца шэраг высноў. У сучаснай лінгвістычнай транстэрмінаграфіі пераважаюць двухмоўныя слоўнікі. Сярод аўтаномных большая частка прыпадае на руска-беларускія выданні. З інкарпараваных слоўнікаў пераважаюць беларуска-рускія слоўнікі-дадаткі (у значнай ступені за кошт істотнай колькасці мікраслоўнікаў, змешчаных у школьных падручніках па беларускай мове). Тыпалогія шматмоўных лінгвістычных слоўнікаў уяўляецца збыткоўнай, паколькі многія выданні па сваіх структурна-зместавых асаблівасцях з’яўляюцца ўнікальнымі. Так, у рознай кампаноўцы ў аўтаномных слоўніках прадстаўлены беларуская, руская, польская, кітайская мовы, а ў інкарпараваных – беларуская, руская, англійская, нямецкая, французская, іспанская, польская і кітайская мовы. Мікраструктура пераважнай большасці перакладных слоўнікаў элементарная і фарміруецца зонай намінацыі і зонай эквівалентаў. У асобных выпадках у слоўнікавы артыкул уключаецца таксама зона граматычнай інфармацыі (фрагмент парадыгмы словазмянення і ўказанне на граматычна-семантычны клас слоў). Далейшае развіццё беларускай транстэрмінаграфіі (у першую чаргу, беларуска-рускай і руска-беларускай) мае патрэбу ў пэўнай карэкціроўцы з боку навуковай супольнасці. Колькасць перакладных слоўнікаў ужо дасягнула таго «крытычнага аб’ёму», пры якім колькасныя паказчыкі павінны балансавацца якаснымі. Гэта значыць, што на аснове створаных слоўнікаў павінна быць распрацавана грунтоўная метатэорыя тэрмінаграфічнай дзейнасці, якая б закранала як тэхнічныя, так і ўласна лінгвістычныя аспекты стварэння спецыяльных слоўнікаў. Адной з магчымых рэалізацый такой тэорыі і працэсуальным крокам на шляху да пераадолення крызісу ў лінгвістычнай транстэрмінаграфіі, на наш погляд, можа стаць стварэнне зводных перакладных слоўнікаў тэрмінаў, якія б у межах адной навуковай парадыгмы абагульнялі назапашаны за стагоддзе вопыт сістэматызацыі, кадыфікацыі і трансляцыі тэрмінаў.

Keywords